bannerbannerbanner
Белорусский дневник – 2022

Владимир Николаевич Кулик
Белорусский дневник – 2022

© Карданов Валерий Алексеевич

© Каренда Иван

© Корнев Виталий Анатольевич

© Кулик Алексей Владимирович

© Кулик Владимир Николаевич

© Макеенко Людмила Михайловна

© Позлевич Иосиф Марьянович

© Туровец Татьяна Владимировна

© Филаткина Мария Александровна

© Яцкова Ольга Александровна

Редактор Владимир Николаевич Кулик

ISBN 978-5-0059-1251-0

Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero


Предисловие

Уважаемые читатели!

Вы держите в руках первый выпуск литературного альманаха «Белорусский дневник – 2022».

Это новый проект Региональной общественной организации «Национально-культурная автономия „Белорусы Москвы“» (НКА «Белорусы Москвы»), который осуществляется по инициативе и непосредственном участии членов автономии Кулика Владимира Николаевича и Карданова Валерия Алексеевича.

Среди наших земляков-белорусов много талантливых и интересных людей, которые на страницах альманаха могут поделиться своими рассказами, стихами, заметками, воспоминаниями, фотоматериалами, иллюстрациями, связанными с интересными моментами в жизни, с нашей родной Беларусью.

Первый выпуск альманаха открывают стихи нашего знаменитого земляка Каренды Ивана Арсеньевича, учителя, журналиста, дипломата, поэта и прозаика. Поэтическая часть начинается стихотворением «Дом Купалы». 2022 год – год 140-летия со дня рождения нашего белорусского песняра Янки Купалы.

Надеемся, что этот проект найдёт отклик у наших земляков и станет ежегодным.

Председатель НКА «Белорусы Москвы»
Тужилкина Алла Анатольевна
31.08.2022

Каренда Иван
г. Минск

Дом Купалы

 
Мы ідзём у музейны
Купалаўскі дом,
як у спадчынны храм,
з беларускай малітвай.
Як на споведзь ідзём
перад ім, Песняром, —
мы з Купалам адзінаю
доляй спавіты.
 
 
Мы ідзём у гасцінны
Купалаўскі дом
па параду, па шчырае
роднае слова.
Тут сагрэе і сэрца
напоўніць святлом
гаспадыня яго —
беларуская мова.
 
 
Тут для ўсіх землякоў
і замежных гасцей
стол засланы
святочным абрусам.
У Купалаўскі дом
вы заходзьце часцей —
тут Купалы душа,
тут душа Беларусі.
 

Родная вёска

 
Я вырас у вёсцы і вёску люблю,
Мне горад яе не заменіць ніколі.
Тут роднае слова я прагна лаўлю
І дыхаю свежым паветрам уволю.
 
 
І слухаць люблю, і люблю назіраць,
Як звоніць уранку ля студні вядзерца,
Як ноччу над вёскаю зоры гараць,
Пяшчотным цяплом саграваючы сэрца.
 
 
Люблю цішыню беласнежных палёў,
І соснаў у лесе чырвоныя шчокі,
І клёкат вітальны шчаслівых буслоў,
Якія вярнуліся з даляў далёкіх.
 
 
Люблю, як у небе пяюць жаўрукі, —
Іх слухаў бы вечна, стаіўшы дыханне.
А кветкавы водар улетку такі,
Што хмеліць душу, як пачатак кахання.
 
 
Калі ж надыходзіць грыбная пара,
То большай, напэўна, няма асалоды,
Як раніцай з кошыкам збегчы з двара
У царства грыбоў і лясной прахалоды.
 
 
Ты ў сэрцы заўсёды, з хвіліны радзін,
Мая незабыўная родная вёска! —
Як пошум бароў, па якіх я хадзіў,
Як нёманскіх хваляў адвечныя ўсплёскі.
 

Дваццаць Першаму Стагоддзю

 
І Дваццаць Першаму Стагоддзю
Бракуе мудрасці, на жаль,
Каб чалавецтва ў міры, згодзе
Глядзела ў сонечную даль.
 
 
Ах, Дваццаць Першае Стагоддзе!
Табе паверыў чалавек,
А ты, як чорт, сябе паводзіш:
Нясеш хваробы, войны, здзек.
 
 
Ты, Дваццаць Першае Стагоддзе,
Сцяжына ў глуш, а не бальшак?
Не людзі мы, а толькі зброддзе,
І не дамовімся ніяк?
 
 
Ох, Дваццаць Першае Стагоддзе!
Табе не брыдка ваяваць?! —
Смяротнай зброяй верхаводзіць,
Зямлю крывёю заліваць?!
 
 
Чым, Дваццаць Першае Стагоддзе,
Змываць свой сорам будзеш ты
За шкоду людзям і прыродзе —
За горы смецця, бруд вады?
 
 
Што, Дваццаць Першае Стагоддзе,
З сабою ў Вечнасць панясеш?
Той боль, які жыве ў народзе,
Не згубіш і не растрасеш!
 
 
О, Дваццаць Першае Стагоддзе!
Мы аслабелі, знемаглі…
Калі ты волатаў народзіш,
Якія спыняць гвалт Зямлі?
 

Падпальшчыкам вайны

 
Штодня палохаюць вайной:
Вось-вось пачнецца, грымне…
Заплаціць свет нямой цаной —
Усё жывое згіне…
 
 
Як ашалелыя чмялі,
Гудуць, гугняць няспынна…
Абрыдла жыць вам на зямлі —
Кідайцеся на міны.
 
 
Дарэмны, марны ваш хаўрус!
Вам, нелюдзі-паганцы,
Не ўдасца знішчыць Беларусь —
Мы не дадзім вам шанцаў!
 
 
Нязломкі, з моцных мы парод,
З непераможнай верай.
Загартаваны наш народ
На шмат вякоў наперад.
 
 
З вайной жартуеце дарма:
Не аддадзім мы волі,
Не будзе вашага ярма,
Не будзе аніколі!
 
 
Тым, хто гундосіць марш такі,
Хто нам рыхтуе бойню,
Павырываць бы языкі —
І жыў бы свет без войнаў.
 

Час цяпер такі…

 
Ёсць спрадвек у беларусаў,
Знешне мала гаваркіх,
Мудры, просты, без прымусу,
Выраз: «Час цяпер такі…»
 
 
Зазвіняць вясною ў небе
Жыццялюбы-жаўрукі —
Што мы думаем? – «Так трэба!»
Кажам: «Час цяпер такі.»
 
 
Бачым летнюю раскошу,
Луг квяцісты ля ракі —
Што мы думаем? – «Прыгожа!»
Кажам: «Час цяпер такі…»
 
 
Восень прыйдзе ў жоўтым плацці,
Дорыць лес баравікі —
Што мы думаем? – «Багацце!»
Кажам: «Час цяпер такі…»
 
 
А зімой мароз прыцісне —
Шчокі тром у дзве рукі —
Што мы думаем? – «Карысна!»
Кажам: «Час цяпер такі…»
 
 
Наступае час бязбожны:
Жах вайны ці мор які —
Што мы думаем? – «Трывожна…»
Кажам: «Час цяпер такі…»
 
 
Гэту прымаўку, напэўна,
Прымуць новыя вякі,
Бо яна засела ў генах —
Наша! – «Час цяпер такі…»
 

Знявечаны дуб

 
Скалечаны, бурай павалены дуб
Упаў на ўзбярэжжа азерца,
Адкінуўшы ўбок свой расхрыстаны чуб, —
І жах скалануў маё сэрца.
 
 
Я бачыў, як падаў ён: быццам салдат,
Падкошаны куляй смяротнай, —
Высокі, магутны, бясстрашны гігант
З дубовай праслаўленай роты.
 
 
Ён грымнуўся так, што пачуў я здаля,
Як грукат працяў наваколле,
І як застагнала матуля-зямля
Ад болю, нясцерпнага болю.
 
 
Ах, дуб-прыгажун, дарагі мой зямляк!
З усёй прыазёрнай дубровы
Упаў ты адзін, як бяссільны трухляк,
Хоць быў колісь самы здаровы.
 
 
Цябе неўпрыкмет падмывала вада,
Асоўваўся бераг высокі.
Не год і не два падступала бяда,
З карэнняў высмоктвала сокі.
 
 
Час ветраны, сцюжны цябе не лячыў —
І вось ты нябожчыкам стала…
Прабач, што не змог я табе памагчы.
А смутку майго табе мала…
 

Загадка-таямніца

 
Загадак Бог прыдумаў шмат.
Не проста шмат – а безліч.
Тварэц на ўсё меў свой пагляд —
У гэтым Бога веліч.
 
 
Чамусьці думаю не раз —
І як тут не дзівіцца! —
Як Бог прыдумаў вечны час? —
Загадка-таямніца!
 
 
Без стомы час ідзе, бяжыць…
Адзін ён мае права
Як сам Гасподзь, бясконца жыць —
Вось што найбольш цікава.
 
 
Жывым істотам на зямлі
Інакш наканавана:
Каб пажылі і аджылі —
Час, Богам дараваны.
 
 
Расліны, дрэвы, жыхары
Лясоў, лугоў і рэчак
Заўсёды маюць знак парЫ —
Як знак істот нявечных.
 
 
Такі ж лёс мае чалавек.
Па боскаму закону
Яму даецца пэўны век:
З народзінаў – да скону.
 
 
Камусьці больш, камусьці менш —
Такі рахунак Бога.
Ці шмат, ці мала ты жывеш, —
Канчаецца дарога.
 
 
Час мае вечную пячаць —
А нам з ім, хуткацечным,
Крыху пагушкацца і спаць
Сном непрабудным, вечным?
 
 
Чаму Ўсявышні так рашыў? —
Адказ знайсці спрабуем.
Час вечны толькі для душы?
Яе адказ не чуем…
 
 
Дык, можа, час і ёсць душа?
О, Божа ўсемагутны!
Няўжо ў іх доля спарыша —
І ў гэтым тайны сутнасць?
 
 
Ну што магчыма тут змяніць?
Што перайначыць можам?
Ніколі нам не адмяніць,
Што маем воляй Божай.
 
 
І толькі зрэдку ў галаве
Адказ мільгне яскрава:
У кожным з нас Сусвет жыве
З душой – дзівоснай явай.
 
 
                                             * * *
 
 
Свабода, сумленне і смеласць —
вось што патрэбна душы,
а разам яны – яе спеласць, —
як пра душу ні кажы.
 
 
Свабода – каб з вольным размахам
лятала, як птушка, яна,
каб далеч жыццёвага шляху
была ёй заўсёды відна.
 
 
Сумленне – каб чыстым усюды
быў след тваіх рук на зямлі,
і каб аніякага бруду
пакінуць яны не змаглі.
 
 
А смеласць – каб чорныя хмары
ты мог разганяць. Без яе
і кроку не зробіш да мары,
не спраўдзіш памкненні свае.
 
 
                                             * * *
 
 
Не папракай мяне за шчырасць,
Не дакарай за праўду ўслых.
Я разумею: б'е пад дых…
Не папракай мяне за шчырасць,
Спадзевам мне – твой цяжкі ўздых.
І пройдзе з часам, знікне прыкрасць.
Не папракай мяне за шчырасць,
Не дакарай за праўду ўслых.
 

Каханай

 
Убачыў я тваю натуру,
Чароўны стан і воблік твой —
Пачуцці выбухнулі бурай,
І з той хвіліны сам не свой.
 
 
Гасподзь ствараў цябе як мару,
І пабажыцца я гатоў:
Твой бюст, тваю скульптуру твару
Не зможа вылепіць ніхто.
 
 
Твая пяшчота пэндзля варта! —
Яна ракой з душы цячэ,
І Рэпін не знайшоў бы фарбаў
Для таямніц тваіх вачэй.
 
 
Шкада, не чуў маэстра Моцарт! —
Магу аспрэчыць галавой —
Нікому больш не хопіць моцы
Пакласці ў ноты голас твой.
 
 
Твой воблік так паэтаў вабіць! —
У сэрцах іх гарачы хмель.
І Пушкін з Лермантавым, мабыць,
Пайшлі б адчайна на дуэль.
 
 
Тваю жаночую натуру
Не для мастацкіх мэт – о не! —
Не для карцін, не для скульптуры —
Стварыў Бог толькі для мяне.
 

Народны дыягназ

 
Ад чаго арытмія ў сэрцы?
Уцякала ад смерці.
 
 
Ад чаго туман у галаве?
Чужым розумам жыве.
 
 
Ад чаго баліць жывот?
Ад сямейных згрызот.
 
 
Ад чаго трашчаць косці?
Ад злосці.
 
 
Ад чаго свярбяць вочы?
Ашукаць хтосьці хоча.
 
 
Ад чаго баляць зубы?
Ад сквапнасці.
 
 
Ад чаго трасуцца рукі?
Ад зайздрасці.
 
 
Ад чаго ледзь ходзяць ногі?
Ад гультайства.
 
 
Ад чаго смаркач пад носам?
Ад зазнайства.
 
 
Ад чаго закладвае вушы?
Ад раўнадушша.
 
 
                                             * * *
 
 
Тасуе памяць дзён былых калоду —
На чым даўно пастаўлена пячаць.
Дарма карціць ёй нанава пачаць
Шукаць у іх цяпло і асалоду:
Няма ў душы жаданага спакою —
Там рэй вядуць памылкі і грахі,
Не вытрасці ніяк з яе трухі.
І са спагадай шчыраю людскою
Не змыць з гадоў, пражытых мною, плесню —
Сама аднойчы сыдзе ў небыццё.
Ды, дзякуй Богу, доўжыцца жыццё,
І сэрца прагне, сэрца просіць песню.
 

У кнігарні

 
Божухна! Якое тут багацце! —
Ад паліц не адарваць вачэй!
Тут, нібыта ў казачным палацы,
Кніжны свет ракой дзівос цячэ.
 
 
Тут сябры яшчэ з часоў дзяцінства,
І з юнацкай сонечнай пары, —
Цэлая эпоха пабрацімства! —
І крыху пазнейшыя сябры.
 
 
Тут сябрыне нават цеснавата:
Кожны з назапашаным дабром.
Так бывае, калі ў хаце свята —
Шмат гасцей і шмат тваіх сяброў.
 
 
І, па-мойму, лепшага настрою
Не знайсці і не адчуць нідзе:
Кожны аўтар пра сваіх герояў
Гутарку няспешную вядзе.
 
 
Хоць нячутны гэтай мовы гукі, —
Кніга ўмее ціха гаварыць.
А бярэш яе з паліцы ў рукі —
Як паходня, поклічна гарыць.
 
 
Тут я бачу класікаў – мо, роту, —
З блізкіх і далёкіх нам краін:
Дантэ, Твэн, Шэкспір, Міцкевіч, Гётэ…
У святочных строях – як адзін.
 
 
Тут сябры са школьных хрэстаматый:
Пушкін, Гогаль, Лермантаў, Крылоў,
А яшчэ з усмешкай хітраватай
Пазіраюць Горкі, Блок, Святлоў.
 
 
Бачу сярод постацяў выдатных,
Хто сюды на кніжны сход прыйшоў, —
Нашыя Купала, Колас, Гартны,
Багдановіч, Броўка, Куляшоў.
 
 
Ёсць і шмат сучаснікаў вядомых,
Хто гасцюе тут не проста так,
З кім і не па кніжках я знаёмы, —
Ліпскі, Федарэнка, Шніп, Бадак…
Кніжны свет – загадкавы, бясконцы:
Між паліц з трымценнем я іду,
Моўчкі, шчыра б'ю паклоны творцам,
Інжынерам чалавечых душ.
 
 
Крыху збоку – гурт людзей з навукі,
Ветразяў прагрэсу ўсіх часоў.
Маю шанц паціснуць моцна рукі
Ньютану, Энштэйну і Русо…
 
 
Вось ён, залаты запас краіны!
Храм, дзе прычашчаецца душа,
Дзе жывуць і мары, і ўспаміны,
Ад якога ў свет вядзе бальшак.
 
 
Вось, яно сапраўднае багацце!
Зліткі залатыя – не раўня,
І няварта на іх грошы траціць:
Мёртвыя яны, як цішыня.
 
 
Вольны час без кнігі бавіць марна.
Кажаце: «Няма чаго чытаць…»
Вы калі наведвалі кнігарню,
Бралі ў рукі кніжку пагартаць?
 
 
І не для забавы – мне паверце! —
На пацеху часу ўсім стае.
Моц душы і асалоду сэрцу
Нам чытанне кніг штодня дае!
 
 
«Прачытаць усе іх немагчыма…» —
Гэты хітрык шмат каму свярбіць,
І дарма шукаеце прычыну —
Хто даў права кнігу не любіць?
З добрай, мудрай кнігай, як з малітвай,
Нам лягчэй і спакайней ісці
Па сцяжынах, часам апавітых,
Што Ўсявышнім дадзены ў жыцці.
 
 
То часцей наведвайце кнігарню,
Не шкадуйце грошай для душы!
Свет тады, упэўнен, лепшым стане…
…Будзе час – падумайце ў цішы.
 
 
                                             * * *
 
 
Зямля мяняе свой убор —
Змрок ахінае наваколле,
І на заснежанае поле
Кладзецца водбліск першых зор.
 
 
Зіма прыйшла і ў Прынямонь.
Нясу мароз вячэрні ў хату,
Дзе ў печцы зырка, зухавата
Гарыць, трапечацца агонь.
 
 
Цяплом напоўнены пакой,
Ён не сябруе з халаднечай —
Душа ж трывожыцца аб нечым,
Прагнаць не можа неспакой.
 
 
Няўжо ноч зноў скрадзе мой сон,
Схавае дзесьці да світання,
І слухаць мне ў дрымотным стане
Яе самотны патэфон?
 
 
                                             * * *
 
 
Я сонца ў зімы не прашу:
Бракуе самой яго промняў, —
Абы не студзіла душу
І меней адбельвала скроні.
 
 
Я долі ў зімы не прашу:
Сама ледзь скрыпіць палазамі —
Адлігай скідае кажух
І горкімі плача слязамі.
 
 
Я шчасця ў зімы не прашу:
Яно, яе шчасце зямное,
Кароткае, кшталт скавышу, —
Сплывае з паводкай вясною.
 
 
Прашу я зіму аб адным:
Раструшч, спапялі беззваротна,
Развей над планетай, як дым,
Карону з атрутай смяротнай.
 
Рейтинг@Mail.ru